Список форумов Форум сайта «Глобус Беларуси» Форум сайта «Глобус Беларуси»
Основной проект — “Глобус Беларуси
 
 FAQFAQ   ПоискПоиск   ПользователиПользователи   ГруппыГруппы   РегистрацияРегистрация 
 ПрофильПрофиль   Войти и проверить личные сообщенияВойти и проверить личные сообщения   ВходВход 

Вяліка Сэрвач-“раскіданае гняздо” Козел-Паклеўскіх.

 
Начать новую тему   Ответить на тему    Список форумов Форум сайта «Глобус Беларуси» -> Наполнение “Глобуса Беларуси” -> Хроника разрушения белорусских памятников
Предыдущая тема :: Следующая тема  
Автор Сообщение
Деніс



Зарегистрирован: 28.08.2010
Сообщения: 44
Откуда: Вилейка

СообщениеДобавлено: 01 Mar 2013, Fri, 1:04    Заголовок сообщения: Вяліка Сэрвач-“раскіданае гняздо” Козел-Паклеўскіх. Ответить с цитатой

Вяліка Сэрвач-“раскіданае гняздо” Козел-Паклеўскіх.

150 год мінула ад пачатку паўстання 1863г. Годны ўдзел у падзеях таго часу бралі
пяцёра братоў Козел-Паклеўскіх, якія нарадзіліся ў маёнтку Вялікі Сэрвач (цяпер вёска Вялікая Сэрвач). З гэтай нагоды хацелася б узгадаць пра колішнюю калыску
змагароў-паўстанцаў, пра месца, дзе пачалося іх жыццё, адкуль яны пайшлі на
барацьбу за незалежнасць роднай Бацькаўшчыны і дзе двое з іх знайшлі свой апош-
ні прытулак.
Сэрвач - назва балцкага паходжання. Ад “serga” - “хвароба” ці з сэнсавым зна-
чэннем “вартаваць”. Так выводзіць паходжанне назвы ракі і вёскі на ёй
В.А. Жучкевіч у сваім “Скарочаным тапанімічным слоўніку Беларусі”, БДУ.
1974г.
Сэрвач ( Вялікая Сэрвач ) - вёска ў Касцяневіцкім с/с, у складзе раённага сельска-
гаспадарчага УП “ Першы Беларускі”, 31 км на Паўночны Ўсход ад г. Вілейка, 18 км
ад чыгуначнай станцыі Княгінін па лініі Маладзечна-Полацк, 131 км ад Мінска. Вёска налічвае 18 гаспадарак, 51 жыхароў ( 2008 г.).” Вось якія звесткі аб сучаснай вёске Вялікая Сэрвач змешчаны ў энцыклапедыі “Гарады і вёскі Беларусі”.
Некалькі слоў з гісторыі гэтага месца. Першы раз у гістарычных крыніцах узгадваецца ў 16 ст. як маёнтак, выдзелены з Куранецкай воласці. У 1505 г. Я. Ю. Забярэзінскі, ваявода трокскі, маршалак земскі, атрымаў каралеўскі прывілей на 5 сёл даннікаў над Сэрвачам. У 1555 г. - маёнтак, уласнасць Ю. Ванькевіча, першае ўпамінанне пра мястэчка, царква. У 1626г. як уласнасць М. Войны, каралеўскага сакратара. У 1744 г. - маёнтак Гяцэвічаў, суддзяў браслаўскіх, царква (уніяцкая).
У 1765 г. - маёнтак Элеаноры Радзевіч; у мястэчку 15 двароў, 96 жыхароў. Пасля 2-га
падзелу Рэчы Паспалітай ( 1793) - у складзе Расейскай імперыі. У 1800 г. - двор, сяло Сэрвач Вялікая, сумесная ўласнасць В. Козел ( 14 двароў, 100 сялян) і Сэрвачскай каталіцкай плябаніі ( 19 двароў); касцёл, як піша ўсё тая ж энцыклапедыя. Але з гэтага моманту больш падрабязна. Прыкладна ў 1800 г. маёнтак адыходзіць да Козел-Паклеўскіх.

КОЗЕЛ-ПАКЛЕЎСКІЯ.


Старажытны шляхецкі род уласнага герба “Козел” у ВКЛ. Паходзіць з Прыдняпроўя. Родапачынальнік Казёл у 1415г. быў паслом вял. князя ВКЛ у г. Вісліца (Польшча). У 1504 г. узгадваюцца Ян і Мікалай Казлы, ложнічыя караля і вял. князя ВКЛ Аляксандра. Верагодна, у 16 ст. Савіч Казёл перасяліўся з Прыдняпроўя ў паўн.-зах. Беларусь. З пачатку 17 ст.род пачаў называцца Козел-Паклеўскія ад назвы свайго маёнткуПаклева ў Ашмянскім павеце; валодаў таксама Сухадоламі(Ашмянскі пав.), землямі ў Віцебскім ваяв. і інш. З 1667г. да1793г. прадстаўнікі роду былі старастамі дзісенскімі, займалірозныя пасады ў Ашмянскім, Вількамірскім, Аршанскім пав.,Інфлянтах. У канцы 18 ст. утварыліся 2 новыя галіны роду:літоўская, з сядзібай у Антокалі(Вількамірскі пав.), і віцебская,з сядзібай у Быкаўшчыне( Лепельскага пав.)
Кніга “Памяць. Вілейскі раён.” узгадвае нейкую Барбару (Варвару) Козел-Паклеў-скую з сёстрамі - як першую гаспадыню Сэрвачы з роду Козелаў. Але ж радавод Козел-Паклеўскіх гаворыць нам пра іншае. Згодна з радаводам, першым уласнікам маёнтку з гэтага роду быў Юзаф-Каласанты Козел-Паклеўскі, які атрымаў Сэрвач, як пасаг, калі ажаніўся з паненкай з роду Радзевічаў, папярэдніх ўладароў маёнтку. А чаму тады ў энцыклапедыі пішацца “В.Козел”? Больш верагодна, што гэта аналогія з рускай мовай на імя Юзаф ( Іосіф ці Восіп), бо на той час Сэрвач быў ужо ў складзе Расейскай імперыі.( Ніжэй будуць пададзены дакументы, якія падцвярджаюць такое меркаванне.) «Имение Великий Сервеч принадлежит помещику Ивану Осипову Козеллу по наследству от отца его как это видно из представленных документов (вводный акт Временного отделения Вилейского земского суда от 26 января 1841 года № 2) и состоит в нераздельном и исключительном в его Козелла владению.» Гэта ўрывак з апісання маёнтку Вялікі Сэрвач, зробленага ў 1863 г. расейскімі ўладамі з нагоды падрыхтоўкі да канфіскацыі маёмасці Яна Козела, за ўдзел яго сыноў у паўстанні.
Сапраўды, пасля Юзафа-Каласанты наступным уладальнікам Сэрвачы быў яго сын Ян Напалеон Козел-Паклеўскі. Гэты Ян і быў бацькам братоў-“інсургентаў”: Яна, Вінцэнта, Зянона, Юзафа і Міхала.



Ян Козел-Паклеўскі, псеўданім “Скала”, “Якуб”, “Глебовіч” (1837-1896).
Нарадзіўся ў 1837г. у маёнтку Сэрвач Вілейскага павету. Яго бацька, таксама Ян, быў ліберальным памешчыкам, уладальнікам маёнтку Вялікі Сэрвач, Жар і Харак, ганаровым куратарам гімназій Мінскай губерні, уладальнікам некалькіх прыбытковых дамоў-камяніц у Вільне. Маці - Юзэфа Таленсдарф.
Да 1852 г. выхоўваўся дома, потым паступіў у школу гвардзейскіх падпрапаршчыкаў у Пецярбург. Далей была вучоба ў Вайсковай інжынернай академіі, якую скончыў з залатым медалём. У 1859 г. падаў у адстаўку ў званні паручніка і адразу выехаў у Парыж, дзе паступіў у Вышэйшую вайсковую школу, на інжынерны факультэт. Падчас вучобы ў Пецярбургу ён увайшоў у рэвалюцыйны гурток пад кіраўніцтвам З. Серакоўскага і Я. Дамброўскага, але за мяжой ён яшчэ больш пераканаўся ў неабходнасці барацьбы з самадзяржаўем за незалежнасць Айчыны. Таму ў 1861г. ён вяртаецца на радзіму, дзе стварае арганізацыю “чырвоных” у Мінску.Восенню 1862 г. Ян Козел, як чалавек з шырокімі армейскімі сувязямі, быў выкліканы кіраўнікамі падполля ў Вільню замест Л. Звяждоўскага, пераведзенага па службе ў Маскву. Козел стаў на чале Літоўскага Правінцыяль нага камітэта і быў бліжэйшым паплечнікам К. Каліноўскага ў падрыхтоўцы паў стання на Беларусі і Літве.
Калі пачалося паўстанне ў Польшчы (студзень 1863г.), Ян Козел па дару чэнню Каліноўскага, дзеля аб’яднання дзеянняў канспіратараў , ездіў у Пецярбург і Маскву, аб’ехаў Беларусь і, толькі калі пачаўся пераслед яго з боку царскіх уладаў, быў вымушаны з’ехаць у Польшчу. З вясны 1863 г. ён працаваў у паўстанцкай арганізацыі ў Варшаве, быў рэферэнтам у вайсковым аддзеле паўстанцкага ўрада і нават нейкі час камендантам Варшавы. Восенню 1863 г., пад псеўданімам “Скала” ( палкоўнік “Скала”) ён прызначаецца ваенным кіраўніком Аўгустоўскага і Гродзенскага ваяводстваў, потым камандзірам 3-га корпуса паўстанцкіх узброеных сіл. Пасля задушэння паўстання апынуўся ў эміграцыі спачатку ў Дрэздане, а потым у Парыжы. У канцы 1864 г. французкі ўрад прапанаваў Яну Козелу сабраць і ўзначаліць аддзел сапёраў для запланаванага будаўніцтва каналу ў Панаме, але справа тая не здейснілася. З 1865 г. працаваў інжынерам у Ла-Рашэлі.Калі пачалася франка-пруская вайна (1870 г.), браў у ёй ўдзел на баку Францыі. Атрымаў пад сваё кіраўніцтва брыгаду пяхоты з Вандэі, потым узначальваў штаб 24 корпуса. Пасля заканчэння вайны апынуўся ў Марсэлі, дзе спрабаваў уладкавацца на працы. Там пазнаёміўся з расейскім консулам, з якім дамовіўся выдаваць часопіс, каб прапагандаваць ідэі панславянства, калі на гэта будзе фінансаванне з Расеі. Такая здрада выклікала абурэнне ў колах польскай эміграцыі, і Ян Козел вымушаны быў вяртацца на радзіму. Пасля вяртання (студзень 1872 г.) ён быў арыштаваны і сасланы простым жаўнерам у г.Верны (цяпер Алматы). Пасля службы ў войску застаўся ў Сярэдняй Азіі. У 1875г. атрымаў патэнт на заснаванне прадпрыемства па здабычы і апрацоўцы мармуру ў Кульджы. Акрамя гэтага меў яшчэ параход на рацэ Ілі і кіраваў будаўніцтвам маста праз раку Муграб у Ашхабадзе.
У 1883 г. вярнуўся на радзіму. Памёр 7 мая 1896г. Пахаваны ў Бабруйску.



Вінцэнты Козел-Паклеўскі (1838-1863)
Нарадзіўся ў 1838 г. у маёнтку Вялікі Сэрвач Вілейскага павету. Як і яго старэйшы брат Ян, да 1852 г. быў на хатнім выхаванні. У 1852 г. разам з Янам паступіў у школу гвардзейскіх падпрапаршчыкаў у Пецярбург. Пасля яе заканчэння (у 1856г.) застаўся вучыцца ў Пецярбургу на вайсковага інжынера разам з братам. Падчас вучобы належаў да афіцэрскай рэвалюцыйнай арганізацыі пад кіраўніцтвам З. Серакоўскага і Я. Дамброўскага. У 1858 г. скончыў Акадэмію і быў накіраваны на службу ў Вільню. Праз год пераведзены ў фінскі Свеаборг, дзе і служыў ваенным інжынерам да канца 1860 г. У 1860 г. пакідае службу ў званні штабс-капітана. На пачатку 1861г. па даручэнню кіраўніка віленскіх “чырвоных” Л. Звяждоўскага едзе ў Познань, каб наладзіць стасункі з тамтэйшымі патрыётамі. У сакавіку 1861г. вяртаецца на радзіму, дзе стварае рэвалюцыйную арганізацыю ў Вілейскім павеце.
У студзені 1863 г. прызначаны ваенным кіраўніком роднага Вілейскага павета, шырока прапагандаваў сярод насельніцтва праграмныя дакументы паўстання. Паводле ўспамінаў удзельніка тых падзей на Міншчыне В. Кошчыца, паўстанцкая арганізацыя ў Вілейскім павеце дзякуючы Козелу стаяла на самым высокім узроўні, прынамсі праца тут была наладжана лепш, чым у большасці паветаў Мінскай губерні. На пачатку мая 1863 г. згуртаваў і ўзначаліў паўстанцкі атрад, у якім налічвалася 200-250 чалавек. 28 мая 1863 г. загінуў у бітве з царскімі войскамі каля вёскі Уладыкі. Разам з ім палегла большая частка яго атраду. Паўстанцкая публіцыстыка ставіла Вінцэнта Козела ў адзін шэраг з кіраўніком лідскіх паўстанцаў Людвікам Нарбутам і называла “ Літоўскім Леанідам” ( па аналогіі са спартанскім царом, знакамітым героем Фермапіл ). Пахаваны Вінцэнт Козел-Паклеўскі быў у брацкай магіле каля вёскі Уладыкі, разам з іншымі загінуўшымі ў тым баі паўстанцамі. Але існуюць звесткі аб тым, што яго бацька Ян Козел, уладальнік Сэрвачы, употай перапахаваў цела Вінцэнта і яго малодшага брата Міхала, таксама загінуўшага пад Уладыкамі, ў родным Сэрвачы, пад касцёлам,каб не знайшлі расейскія ўлады. Касцёл той у пачатку 1950-х разабралі і перавезлі ў вёску Давыдкі, пад клуб. Цяпер на месцы колішняга касцёлу ў Сэрвачы знаходзіцца невялічкі пагорак, а на ім металічны крыж. Гэта і ёсцьмесца пахавання камандзіра вілейскіх паўстанцаў. Ён загінуў, але да гэтага часу з пакалення ў пакаленне перадаюцца яго апошнія словы: “ Не мы, дык нашыя
косці здабудуць вольнасць”.



Юзаф Козел-Паклеўскі ( 1845-1915 )
Нарадзіўся ў 1845 г. у маёнтку Вялікі Сэрвач Вілейскага павета. Брат Яна і Вінцэнта Козел-Паклеўскіх. Удзельнік паўстання 1863 г. Пасля задушэння паўстання
быў сасланы ў жаўнеры ў Омск. Дзякуючы сувязям сваяка Альфонса Фаміча Козел-Паклеўскага, быў накіраваны адбываць пакаранне на Таліцкі вінакураны завод, які належаў А.Ф. КозелПаклеўскаму.
З 1890 г. ён ужо кіраўнік канторы Таліцкіх заводаў, упаўнаважаны па справах гандлёвага дому “ Нашчадкі А.Ф. Козел-Паклеўскага”. Займаў шэраг пасад у Пермскай губерні. Ахвяраваў шмат грошаў на мэты развіцця адукацыі і медыцыны Урала. Быў жанаты на Юліі Паўлаўне Козел-Паклеўскай ( з 1883г. ), дачцэ Паўла Козел-Паклеўскага ўладальніка маёнтка Дзекшне Вількамірскага павета, ўдзельніка паўстання 1863 г., ад якой меў трох сыноў: Тадэвуша, Вінцэнта і Юзафа. Памёр 31.01.1915 г. у Таліцы Камышлоўскага ўезду Пермскай губерні, дзе і пахаваны. Пасля яго смерці жонка Юлія разам з сынамі вяртаецца ў Вялікі Сэрвач і дзеліць спадчыну мужа паміж нашчадкамі. Старэйшы сын Юзаф атрымаў Вялікі Сэрвач,
Вінцэнт - толькі пабудаванае Людвінава, з закладзенай у ім фермай срэбрыстых ліс, а малодшы Тадэвуш атрымаў Кастыкі, у якіх быў вадзяны млын. З усіх трох братоў сваёй смерцю памёр толькі старэйшы Юзаф, у якога было пяцёра дзяцей:Эльжбета, Ізабэла, Юлія, Тадэвуш і Міхал, якія цяпер жывуць у Польшчы. Сярэдні брат Вінцэнт быў расстраляны НКУ Саўцамі ў 1940 г. у лагеры польскіх ваеннапалонных у Казельску. Малодшы з братоў Тадэвуш быў расстраляны немцамі ў 1942 г. за ўдзел у канспірацыі Арміі Краёвай.

Зянон Козел-Паклеўскі ( 1842-1878 )
Нарадзіўся ў маёнтку Вялікі Сэрвач у1842 г. Брат Яна і Вінцэнта Козел-Паклеўскіх. У 1863 г. вучыўся ў Віленскай гімназіі. За рэвалюцыйную агітацыю сярод вучняў гімназіі ў лютым 1863г. быў сасланы на 3 гады ў Арэнбургскі асобныкорпус простым радавым.


Міхал Козел-Паклеўскі ( 1847-1863 )
Нарадзіўся ў 1847г. у маёнтку Вялікі Сэрвач Вілейскага павета. Малодшы з братоў Козел-Паклеўскіх. Удзельнік паўстання 1863 г. Загінуў у барацьбе з царскімі войскамі каля вёскі Уладыкі разам з братам Вінцэнтам. Перапахаваны бацькам у родным Сэрвачы пад алтаром сэрвацкага касцёлу.

Вось мы і даведаліся, адкуль у Сэрвачы з'явіліся браты-паўстанцы і хто былі іх продкі. А цяпер паспрабуем уявіць сабе, як выглядаў Вялікі Сэрвач у часы паўстання. Дапаможа нам у гэтым усё тое ж апісанне маёнтку, кладзенае расейскімі ўладамі ў 1863 г. і старыя фатаздымкі.
Па-першае паглядзім на сядзібны дом альбо, як тады казалі, “палацык”. Такім чынам яго апісвае царскі службовец:
“ Жилой господский каменный двухэтажный дом, длиною 8,5, шириной 12,5 сажени.
При сем доме по обеим сторонам от фронту два каменных флигеля – длинною 6.1/4 шириной 2.1/4 сажени, покрыт гонтом.
В доме семь и в флигелях комнат 14, больших окон с железными крючками 30, печей изразцовых больших с вьюшками и дверцами железными 9, дверей на железных крюках с железными ручками и ключами 28; в доме сем пол деревянный во всех комнатах, исключая двух больших зал, где пол паркетный. В фундаментах сего дому устроен погреб с 6-ю отделами. Дом сей прочный»



А вось як выглядае дом на фатаздымку 1930-х:


Гэты дом быў пабудаваны ў другой палове 1830-х, таму на фотаздымку яму прыблізна 100 год. Але напэўна акрамя даху (ён быў з гонту, а на фота ён з бляхі ), нічога не змянілася. Такім яго бачылі і браты Козел-Паклеўскія.
Акрамя дому ў маёнтку было яшчэ шмат іншых гаспадарчых пабудоў, але апісанне іх зойме шмат месца. Яшчэ адным аб’ектам, які мае дачыненне да падзей паўстання, з’яўляецца касцёл у Сэрвачы, бо ў ім, як апавядаюць паданні, былі пахаваны два браты Козел-Паклеўскія, што загінулі пад
Уладыкамі. Фундатарам касцёлу быў бацька паўстанцаў Ян Напалеон, на грошы якога і пабудавалі касцёл у 1852 г. Вось як выглядаў Сэрвацкі касцёл некалі, яшчэ ў Сэрвачы.
( ў 1950-х гг. яго разабралі і перавезлі пад клуб у в.Давыдкі.)



Касцёл Найсвяцейшай Марыі Панны ў Сэрвачы.

Да нашых дзён захаваўся будынак капліцы-пахавальні роду Козел-Паклеўскіх на мясцовых могілках.
Капліца пабудавана ў 1840-х гадах нашчадкамі маёнтку Вялікі Сэрвач Козел-Паклеўскімі як радавая пахавальня. Гэта цагляны, атынкаваны, аўпросткутны будынак у стылі “класіцызм”, пад двухсхільным дахам. Склеп-пахавальня знаходзіцца пад капліцай. У алтары капліцы змешчаны абраз “ Пан Езус каля слупа бічаваны”. Капліца належыць да Касцяневіцкай парафіі і ў ёй адбываюцца набажэнствы. Капліца-пахавальня Козел-
Паклеўскіх з’яўляеца помнікам архітэктуры ХІХ ст.



КАПЛІЦА-ПАХАВАЛЬНЯ
КОЗЕЛ-ПАКЛЕЎСКІХ

Цікава, што Козелы нейкім чынам усё ж такі не страцілі свой маёнтак у 1863 г.
Магчыма, што быў і хабар, бо ў апісанні маёнтка гаворыцца: : «Денежных капиталов, золотых, серебряных вещей не найдено.» Хаця там жа напісана: “В имении Сервеч оборочные статьи: именно Корчма при почтовой дороге состоящим ныне в арендном содержании до 1864 года у крестьянина имения Сервеч Иосифа Де..лы по договору с помещиком Козеллом заключенному, из платных выгод дохода 200 рублей.
Фруктовый сад, в котором находятся фруктовых деревьев: яблоневых больших приносящих плоды 34, яблоневых малых деревьев 52, и груш небольших деревьев 42. Деревьев слив небольших 186, малых 54 дерева.
Сад сей помещиком Козеллом на сей год, отдан в аренду еврею Осеру Гурвичу, за 40 рублей в счет коих 20 рублей уплачены 4 мая, а остальные 20 рублей еще Козеллом получены от сего еврея.
Рыбаловство на реке Сервеч помещиком Козеллом не отдавалась по поводу ничтожного полова рыб, которую ловили только на кухню во двор имения Сервеч, но если отдавать в аренду, то может выручить примерно 15 рублей.
Долгов обременяющих имение Сервеч по указанию владельца Ивана Козелла не числиться.»


Ведомость с посевов на землях имения Сервеч составлена 12 июля 1863 года

Десятин
Ржи 35
Пшеницы озимой 1
Пшеницы яровой 4
Овса 15
Гороху 7
Картофели 2
Конопель 1/2
Льну 2/3



Трэба яшчэ ўзгадаць, што ён быў гаспадаром некалькіх прыбытковых дамоў у Вільне, і тады ўзнікае пытанне: “Чаму ў яго не было грошаў і золата?” Хутчэй за ўсё, што ўсе грошы пайшлі на тое, каб уратаваць маёнтак і сваіх сыноў.
Так ці інакш, але маёнтак застаўся ў Козелаў. Сучасныя нашчадкі Козел-Паклеўскіх успамінаюць, што ўсе браты- паўстанцы, якія былі сасланыя ў жаўнеры, некалькі разоў наведвалі родны маёнтак, але сяліцца тут ім было забаронена.
І ўжо толькі падчас І-ай сусветнай вайны сыны Юзафа( Юзаф, Вінцэнт і Тадэвуш) разам са сваёй маці Юліяй вяртаюцца на спадчынныя землі свайго роду.


Юзаф, Вінцэнт і Тадэвуш Козел-Паклеўскія. Вялікі Сэрвач. 1938г.

Апошнім уладальнікам Сэрвачы быў старэйшы Юзаф, Вінцэнт атрымлівае
Людвінова, а Тадэвуш - Кастыкі. Агульная плошча зямлі гэтага роду падчас ІІ-ой Рэчы Паспалітай складае 4850 га, што ставіла іх на 283 месца сярод землеўласнікаў той дзяржавы.
Па ўспамінах мясцовых доўгажыхароў, Юзаф болей жыў у Вільне і Польшчы, а гаспадаркай у маёнтку кіраваў эканом па прозвішчу Верашчака. Пры ім уСэрвачы нават выраблялі сыры, якія потым прадавалі за мяжой. Дзеля гэтага ў маёнтак быў запрошаны майстар з Францыі.
Маёнтак Вялікі Сэрвач быў досыць багатым і прыносіў сваім гаспадарам добрыя прыбыткі. Але надышоў 1939 год, а разам з ім і Саветы.На гэтым заканчаецца гісторыя панавання роду Козел-Паклеўскіх у Сэрвачы. Больш прадстаўнікі гэтага роду ў нашых мясцінах не з’явяцца, акрамя Тадэвуша, які падчас нямецкай акупацыі вяртаецца ў свае Кастыкі, але ўжо ў 1942 г. за ўдзел у канспірацыі Арміі Краёвай ён быў расстраляны немцамі ў
Вілейскай турме. Вось цяпер усё!
Сённяшні выгляд некалі заможнага маёнтку ў Сэрвачы пакідае ў роспачы.
Дыхтоўны сядзібны дом Козел-Паклеўскіх быў спалены падчас вайны партызанамі. Рэшткі яго былі разабраныя пасля вайны “на цэглу” мясцовымі жыхарамі. Сёння сярод гурб гною, паросшых пустазеллем і кустамі, узвышаецца , як слуп, адзіны кут колішняга “ палацыка”.



Яшчэ больш-менш захаваўся будынак вінакурні на беразе Сэрвачы і ўжо ўзгаданая намі капліца-пахавальня на могілках. Вось і ўсё, што засталося ад маёмасці слыннага шляхецкага рода Козел-Паклеўскіх, якія гаспадарылі на гэтай зямлі, баранілі яе, змагаліся за яе незалежнасць і былі пахаваныя на ёй.
Сёлета сябры вілейскай суполкі ”Таварысва аховы помнікаў гісторыі і культуры” плануюць усталяваць у Сэрвачы інфармацыйныя стэнды, з якіх кожны зацікаўлены вандроўнік здолее даведацца аб гісторыі гэтага месца і яго колішніх гаспадароў.

Зміцер Хаценчык.
Сябра Вілейскай суполкі “Таварыства
аховы помнікаў гісторыі і культуры”
Архіўныя дакументы і фатаздымкі
перададзены старшыней Вілейскай
суполкі “ ТАПГіК
” Дзянісам Канецкім.
Вернуться к началу
Посмотреть профиль Отправить личное сообщение Посетить сайт автора
Показать сообщения:   
Начать новую тему   Ответить на тему    Список форумов Форум сайта «Глобус Беларуси» -> Наполнение “Глобуса Беларуси” -> Хроника разрушения белорусских памятников Часовой пояс: GMT + 3
Страница 1 из 1

 
Перейти:  
Вы не можете начинать темы
Вы не можете отвечать на сообщения
Вы не можете редактировать свои сообщения
Вы не можете удалять свои сообщения
Вы не можете голосовать в опросах
Вы не можете вкладывать файлы
Вы можете скачивать файлы