Список форумов Форум сайта «Глобус Беларуси» Форум сайта «Глобус Беларуси»
Основной проект — “Глобус Беларуси
 
 FAQFAQ   ПоискПоиск   ПользователиПользователи   ГруппыГруппы   РегистрацияРегистрация 
 ПрофильПрофиль   Войти и проверить личные сообщенияВойти и проверить личные сообщения   ВходВход 

Эліза Ажэшка "Над Нёманам"

 
Начать новую тему   Ответить на тему    Список форумов Форум сайта «Глобус Беларуси» -> Путешествия -> Падарожжы Валацугі -> Літаратура
Предыдущая тема :: Следующая тема  
Автор Сообщение
Валацуга

Почётный
искатель
новых
объектов
для
«Глобуса
Беларуси»



Зарегистрирован: 14.11.2008
Сообщения: 12749

СообщениеДобавлено: 02 Jun 2022, Thu, 0:12    Заголовок сообщения: Эліза Ажэшка "Над Нёманам" Ответить с цитатой



Klemens i Jan Bohatyrowiczowie przy grobie Jana i Cecylii, ok. 1880-85, fotografia z kolekcji pisarki.

Клеменс і Ян Багатыровічы прататыпы герояў рамана "Над Нёманам". Здымак надрукаваны ў тыднёвіку "Tygodnik Illustrowany" (№ 23, 8 чэрвеня 1907г.).
Вернуться к началу
Посмотреть профиль Отправить личное сообщение
Валацуга

Почётный
искатель
новых
объектов
для
«Глобуса
Беларуси»



Зарегистрирован: 14.11.2008
Сообщения: 12749

СообщениеДобавлено: 14 Aug 2022, Sun, 9:58    Заголовок сообщения: Ответить с цитатой

увеличить до 1200x900


Яны стаялі амаль на вяршыні гары, пакаты схіл утвараў тут невялічкую пляцоўку. Варта было толькі крыху падняць вочы, каб убачыць над самым берагам абрыву рухлівыя хвалі збажыны. У канцы цяністай алеі, па прыступках якой яны падняліся сюды, ляжаў вялізны камень з мноствам ямак і выступаў, якія нагадвалі сядзенне. Дзе-нідзе ён аброс сівым і рыжым мохам, месцамі быў увенчаны гнуткімі галінкамі ажыны і расходніку. Некалькі тонкіх хвоек з раскідзістымі ўгары кронамі і разложыстая груша, густа абсыпаная дробным лісцем, раслі на зямлі, пакрытай рэдкай травой і апалай ігліцай. Пад соснамі і грушай нешта чырванела, бялела і адлівала блакітам; трэба было апынуцца між дрэў, каб зразумець, што гэта надмагільны помнік.
Помнік быў вельмі просты і бедны, але такога кшталту і такім чынам аздоблены, што, каб уявіць сабе падобны, трэба было памяццю вярнуцца на некалькі стагоддзяў назад. Гэта быў шасціканцовы крыж, шырокі ля асновы і звужаны ўгары, на чырвоным фоне бялела фігура Хрыста, на бакавінах крыжа знаходзіліся рознакаляровыя эмблемы і фігуры. Былі там на белае памаляваныя і прыбітыя да крыжа чэрап і прылады Хрыстовых пакут, барэльеф Марыі з уваткнутымі ў яго сямю стрэламі, што нагадвалі меч і былі некалі пазалочаныя, выпуклыя фігуры святых, якія апіраліся на руку альбо сядзелі ў задуменні на падстаўках з дрэва і гліны. Танклявасць гэтых фігур, іхнія памеры, празмерна выцягнутыя ў даўжыню, сцёртыя гадамі і часам рысы твару сведчылі пра даўнасць іх вырабу. Крыж быў такі спарахнелы, што ў любы момант мог упасці і рассыпацца, але распятая на ім постаць Хрыста і іншыя фігуры, пакалечаныя часам, са спалавелымі фарбамі і аблезлай пазалотай, захоўвалі свае галоўныя адметныя рысы. Засланяла іх і ад поўнага знішчэння аберагала стрэшка з гонту. На шырокай аснове крыжа яшчэ выразна бялеў, хоць месцамі быў ужо зацёрты, надпіс:
Ян і Цэцылія, год 1549
Мемеnto mori49
Толькі прозвішча на ім не было ніякага. З безыменнай гэтай магілы, схаванай ад свету сцяной наднёманскага яра, цягам трох стагоддзяў пазіралі на зялёную бездань з буркатлівай крынічкай унізе, на вялізны, пакрыты мохам і зялёнымі вянкамі камень, на падкову Нёмана, які адкрывала тут выгнутая сцяна яра. Вада блішчала гэтым пагодным днём, як люстэрка з блакіту і срэбра. За нерухомай, здавалася, ракой над самымі верхавінамі бору вісеў вялікі і самотны сонечны дыск, які так асвятляў дрэвы, што бясконцыя шарэнгі залацістых сасновых ствалоў пад цёмнымі кронамі былі выразна аддзелены адзін ад аднаго.
Вернуться к началу
Посмотреть профиль Отправить личное сообщение
Валацуга

Почётный
искатель
новых
объектов
для
«Глобуса
Беларуси»



Зарегистрирован: 14.11.2008
Сообщения: 12749

СообщениеДобавлено: 14 Aug 2022, Sun, 10:18    Заголовок сообщения: Ответить с цитатой

- Было гэта за старым часам, гадоў праз сто, а мо і меней пасля таго, як літоўскі народ прыняў святую хрысціянскую веру. Тады ў гэты край прыйшлі двое людзей. Невядомыя былі іхнія прозвішчы, невядомае паходжанне, і толькі тое можна было пазнаць па іхняй гаворцы і ўборах, што ішлі яны з Польшчы. Чаму пакінулі свой родны кут і прывандравалі ажно сюды, таксама было невядома. Калі часам хто-небудзь цікавіўся іхнім прозвішчам, адказвалі, што пры святым хрышчэнні далі ім імёны Ян і Цэцылія. А калі хто-кольвек хацеў даведацца, куды і чаго яны вандруюць, казалі: “Шукаем пушчу!” Было бачна, што яны баяліся нейкай пагоні і хацелі схавацца ад людзей, жыць толькі пад Боскім вокам. Хоць дакладна і невядома, але хадзіла такая пагалоска, што паходжання яны былі рознага, бо ён меў загарэлы твар і быў вельмі дужы, што рэдка бывае між паноў, а найчасцей сустракаецца сярод простых людзей, а яна, ці то ішла, ці то стаяла, калі гаварыла і калі маўчала, усё адно выяўляла сваё панскае выхаванне і пекнату. Але як там было на самай справе, не мае значэння, досыць, што даволі лёгка знайшлі яны тое, што шукалі. Увесь тутэйшы край быў пакрыты тады непраходнай пушчай, па якой пан Бог незлічона рассыпаў блакітныя азёры і зялёныя лугі, а людзі пабудавалі сякія-такія асады, у якіх займаліся розным промыслам. У адных месцах, над азёрамі альбо над рачулкамі, асядалі рыбакі і баброўнікі; у іншых, там, дзе стаялі ліпавыя лясы, – пчаляры, якія адбіралі ў працавітых пчолаў мёд і воск; некаторым кароль наказаў, каб гадавалі для яго сокалаў, і з-за гэтага называліся яны сакольнікамі, а іншых абдарыў ён вольнасцю, каб толькі розныя даручэнні каралеўскія выконвалі, і з той прычыны мелі яны называцца баярамі – вольнымі людзьмі. Зямлі тыя пасяляне не апрацоўвалі, хоць агароды мелі, садзілі найбольш рэпу, на вялікіх плошчах сеялі лён, авечак у іх не было, таму пра воўну нічога не ведалі, насілі толькі палатнянае адзенне. Збажыну таксама рэдка дзе можна было ўбачыць, і то ля паселішчаў, а ў глыбокай пушчы яшчэ дзе-нідзе пра яе і не чулі. Але затое былі такія, што жылі ў дубовых гаях і жалудамі кармілі чароды свіней, за што іх празвалі брыдкім прозвішчам свінароў, а тыя, хто жыў ля лугоў і прыручаў буйвалаў, зваліся буйвалятнікамі. Грошай у многіх месцах наогул не ведалі, а калі хто хацеў нешта патрэбнае набыць, аддаваў скуры баброў, лісіц, мядзведзяў, куніц і іншых звяроў альбо трошкі мёду і воску, прыручанага буйвала, кормную свінню – зрэшты, хто што меў. Хаты іхнія называліся нумамі50 і былі вельмі
бедныя і смуродлівыя, без печы і без коміна, бо тыя лясныя людзі яшчэ не ведалі мулярства. У хрысціянскага Бога паверылі нібыта ўсе, аднак у пушчанскім гушчары шмат хто яшчэ кланяўся ідалам і меў некалькі жонак. Ян і Цэцылія прайшлі ўздоўж усю пушчу, наведалі розныя азёры і лугі, заходзілі да рыбакоў і баброўнікаў, да сакольнікаў і баяраў; пабывалі ў свінароў і буйвалятнікаў, але нідзе ім так не спадабалася, як тут, на беразе Нёмана; на тым, уласна, месцы, дзе цяпер стаіць гэты помнік... Відаць, зразумелі, што ніхто іх тут не знойдзе і найлепей ім будзе адно пад боскім вокам заставацца. Мо так ужо ім было прызначана, каб залюдніць гэты абшар зямлі і наш убогі, але даўгавечны род запачаткаваць…
Прыцішаны голас апавядальніка няспешна гучаў на высокім схіле гары, сваёй манатоннасцю нагадваў гуллівы ўнізе струмок. Часам, аднак, ён спыняўся і адшукваў у памяці выразы альбо назвы, якіх у штодзённым жыцці амаль не ўжываў, але, як з малітвы, так і са старой казкі слова выкінуць не мог. З яўным напружаннем праў ён нітку апавядання ў сваёй галаве, баючыся збіцца альбо нешта прапусціць.
- Пад той час, - працягваў Анзэльм, - не было тут ні лапіка ўзаранай зямлі, ніякага чалавечага племені. На гэтым і на тым беразе ракі, злева і справа, спераду і з тылу шумела адна толькі пушча. Ян і Цэцылія ўпадабалі сабе акурат гэтае месца, дзе цяпер стаіць помнік, і дзе ў той час рос такі старажытны дуб, што меў мо тысячу гадоў. У ягоным дупле можна было цэлага буйвала схаваць. Пад гэтым дубам і збудавалі яны сабе хату, гэткую ж нуму без печы і без коміна, бедную і смуродлівую. Іншай збудаваць пакуль не маглі. Карацей кажучы, ён ссякаў дрэвы, апраўляў калоды і з іх будаваў, а яна збірала арэхі і дзікія яблыкі, гатавала рыбу, даіла буйваліцу, якую ён прыручыў, папраўляла адзенне, а калі апускаўся вечар і ён клаўся пад дубам з кап’ём і напятым лукам збоку, каб заўсёды можна ад дзікага звера бараніцца, яна садзілася ля ягонай галавы, спявала і іграла на арфе. Відаць, была з высокага дому, бо так па-анёльску іграла і спявала, а рукі напачатку мела такія белыя, як лілеі. Але нядоўга тое доўжылася, бо ад цяжкай працы, небяспекі і нязручнасцяў падужэла, пацямнела тварам, агрубелі рукі, сама яна змянілася так, што нагадвала буланую лань, для якой цяжкасці і лясная адзінота сталі звыклымі. Як і прамаці роду чалавечага, мела яна залацістыя і такія доўгія валасы, што магла ўкрыць імі сябе і сваю арфу; калі яна познім вечарам спявала над сонным мужам, ён, хоць і сонны, забаўляўся з яе валасамі, а пасля, на ўсходзе сонейка, здаровы і вясёлы ішоў працаваць, бо сілы яго аднаўляліся, а сэрца супакойвалася. Аднак жа, акрамя кахання і ягонай раскошы, былі і такія клопаты і цяжкасці, што іншым людзям падумаць пра іх страшна. Усё тут было не так, як цяпер, а больш дзіка і страшна. Па пушчы хадзілі статкі зуброў, тураў, мядзведзяў, дзікоў і ваўкоў, на дрэвах сядзелі драпежныя ястрабы і крэчаты, шырокім крыллем лапаталі крывадзюбыя арлы. Па начах вухкалі шэрыя совы, а на дрэвах віселі рысі, у цемры лятарнямі свяціліся іхнія вочы. Часам крукі і галкі чорнай хмарай засланялі неба, а дзікія коні напаўнялі лясную цішу грукатам капытоў і прарэзлівым ржаннем. Ля ракі і ва ўсіх сырых месцах жыло вялікае мноства абрыдлых жаб, тараканаў, вужоў і яшчарак. І рака была не такой, як цяпер. Глыбіні велізарныя, а цячэнне вельмі быстрае. Вада была тады магутная і гнеўная. Разлівалася шырока і тачыла бераг, прабіваючы сабе новыя руслы, сведчаннем чаго і застаўся гэты яр. Падчас разводдзя крыгі плылі велізарныя, як статкі ўздыбленых коней альбо як шкляныя горы, што пераліваліся на сонцы сапраўднай вясёлкай. Як яны ўсё гэта перажылі і перанеслі, аднаму Богу вядома, досыць, што перажылі і перамаглі. Адно тое ўжо справядліва, што кожны чалавек сілы сваёй не ведае, пакуль яна яму не спатрэбіцца. Праўда і тое, што шмат якія рэчы і стварэнні спрыялі тады чалавеку. Рыштунак для розных заняткаў і палявання яны прыняслі з сабой альбо зрабілі самі. Лес даваў дзікія яблыкі, арэхі, ягады і грыбы; да ракі на вадапой прыходзілі алені, лані і сарны, якіх у вялікім статку лёгка было забіць; угары жылі вавёркі, а ўнізе, у гушчары, хавалася мноства зайцоў, ласак, куніц; у вадзе вадзіліся выдры, будавалі свае хаткі бабры. Варта было закінуць у раку вуду, сетку альбо ўзяць у рукі кап’ё, каб здабыць такой рыбы, якой сёння ўжо наогул няма. Ды і прыгажосць тут была неверагодная. Салаўіныя спевы скрашвалі ноч, а ластаўкі і чароды галубоў самі шукалі прытулку пад дахам нумы. Аднойчы з кліна апусціўся і застаўся побач з чалавекам журавель; удалося прылашчыць палахлівую сарну, якая аддана хадзіла следам за сваёй паняй. Усяляк там бывала: цяжка і міла, страшна і бяспечна. Тое толькі пэўна, што нацярпеліся яны дужа; голаду, холаду, страху і цяжкай працы наеліся ўволю; часта ад спякоты і невыноснай працы з ног і рук злазіла скура, ад марозу і ветру цела абсыпалі пякучыя пухіры. Гадоў мо дваццаць мінула ў гэткіх пакутах, падсалоджаных кроплямі задавальнення, калі па пушчы пайшла пагалоска пра гэтую пару людзей, што промыслам сваім і крывавай працай выкарчавала цэлую дзялянку лесу, засеяла збожжам і розныя іншыя расліны развяла; што дом сабе збудавала відны і чысты, з якога нават дым праз комін выходзіў; што ў іх можна набыць такія рэчы, якіх у тутэйшым наваколлі ніхто яшчэ не меў. Пайшлі тады да іх людзі з розных далёкіх асад, каб даведацца, як творацца там гэткія цуды. А калі адзін раз прыйшлі, то і надоўга з імі заставаліся, прыглядаліся да невядомых ім рэчаў, спраў і промыслу. Некаторыя прасіліся назаўсёды застацца тут для сумеснай працы, але Ян і Цэцылія дачакаліся больш надзейных памочнікаў. Шэсць сыноў і шэсць дачок нарадзілася ў іх і выгадавалася на беразе гэтай ракі, у гэтай цяністай пушчы пад вокам Бога адзінага. Адзін з сыноў узяў сабе жонку ў рыбакоў, другі выбраў яе сярод сакольнікаў, трэцяму лёс паслаў баярку, чацвёртаму бабраўнічку, пятаму пчалярку, а шосты, гандлюючы
рыбай, да лоўлі якой меў вялікі спрыт, прывёз сабе сяброўку жыцця ажно з горада Гродна, які на той час з-за мноства агародаў называўся па-беларуску Гародняй. Яна таксама была беларускай, але тады дзве крыві, на адной зямлі жывучы, часта мяшаліся, і з гэтага не было нікому ні крыўды, ні ганьбы. Адкуль сыны пабралі жонак, адтуль з’явіліся і мужы для дочак і, пашлюбіўшыся, не з’ехалі нікуды, а тут збудавалі сабе хаты, пашыралі поле, высякаючы лес. Мінула гадоў восемдзесят ці мо болей, як Ян і Цэцылія першы раз ногі свае на гэтую зямлю паставілі...
Анзэльм змоўк, стомлены нязвыклым напружаннем памяці і думкі, некалькі кропель поту засвяціліся на ягоных запалых і агністых шчоках, звычайна спалавелыя і бледныя вочы блішчалі пад вялікай шапкай. Ён зірнуў на сонца, якое ўжо скацілася за бор, толькі Нёман блішчаў жаўтлявай гладдзю ды светлыя палосы струменіліся на захадзе неба, працінаючы змрок, які насоўваўся з усходу.
- Дзень скончыўся, і мая згадка таксама набліжаецца да канца, - прамовіў ён з усмешкай. – Але, - дадаў, - у гэтым канцы акурат і ёсць самая сутнасць…
Трохі гучней і жвавей, чым раней, ён працягваў:
- Восемдзесят гадоў, а мо і болей мінула з таго дня, калі Ян і Цэцылія першы раз ногі свае на гэтую зямлю паставілі. Ажно аднойчы знайшліся такія людзі, якія данеслі самому каралю, што за дзівы творацца ў літоўскім краі, у самай густой пушчы, на самым беразе Нёмана. Каралём тады быў апошні з Ягелонаў, які меў два імені: Жыгімонт і Аўгуст. Заядлы паляўнічы, ён акурат тады, калі атрымаў данос, бавіў час на ловах у сваіх Кнышынскіх лясах. Кароль меркаваў, што ад Кнышына да таго месца, пра якое яму расказалі людзі, дарога не надта далёкая. Загадаў лоўчым трубіць збор, а панам ехаць за ім і пусціўся ў дарогу. Ехаў сабе і ехаў, ехаў і ехаў, а паны за найвялікшым з паноў ехалі, аж раптам убачыў кароль як бы канец пушчы. Дрэвы радзейшымі сталі, расступіліся, быццам вершнікам дарогу саступаючы. Кароль паглядзеў на гэтыя шырокія прагалы і ад здзіўлення гукнуў жартаўліва сваім панам: “Гэй! Гэй! Вашамосць панове, бачыцца мне, што нехта рыхтуе тут новае каралеўства!” А калі ўсе выехалі з лесу і спыніліся, не давалі веры сваім вачам. Там, дзе раней панавала бязлюдная лясная глуш, у якой мелі прытулак толькі дзікія звяры, цяпер ляжала вялікая раўніна, пакрытая жоўтым іржышчам. На ржышчы, як высокія хаты ці як вежы з вузкімі вяршынямі, стаялі сцірты збажыны; сто пар валоў аралі поле пад новую сяўбу, а пасярод поля па гладкіх лугах гойсалі чароды прыручаных коней, пасвіліся статкі рыжых кароў і белых авечак. На двух пагорках два ветракі лапаталі сваімі вялізнымі крыллямі, ліпавыя гаі ажно лопаліся ад гулу незлічоных пчаліных раёў, а ў альшаніках і бярэзніках віселі вялікія, як шапкі, грачыныя гнёзды. Сто дамоў, падзеленыя садамі, шарэнгай выцягнуліся ўздоўж ракі, а з іхніх комінаў, як з касцельных кадзілаў, сто залацістх дымоў уздымалася проста ў неба. На яблынях і слівах лісця не было бачна з-за чырвоных і ліловых пладоў, на зялёнай траве вылежваўся лён і
бялілася палатно, у хатах стукалі кросны і грукалі церніцы, на суках дрэў і на платах сушыліся пафарбаваныя маткі пражы, а на стрэхах даспявалі на сонцы вялізныя жоўтыя гарбузы. Хатняе птаства, зямное і воднае, граблося ў пяску альбо з галасам ляцела да ракі, з якой вярталіся рыбакі, несучы на гару сеткі і невады з трапяткой рыбай. Што ж да ракі, якая цякла ўнізе, то кароль яе здаля ўбачыць не мог, але здагадаўся па высокай пясчанай сцяне берага, над якім стаяў бор, нікім не чапаны… гэты самы!
Тут апавядальнік паказаў пальцам на палоску бору, які ўзвышаўся над залацістым трохкутнікам Нёмана. Заікнуўся, і голас ягоны затрымцеў.
- Той… той самы! – паўтарыў ён. – Тым часам, - працягваў Анзэльм, - кароль ехаў далей, азіраўся навокал і шчыра дзівіўся з усяго, што бачыў. Малады быў і толькі што на трон свой заступіў. Конь пад ім быў арабскай пароды, агністы, са збруяй, упрыгожанай золатам і каштоўнымі камянямі. Над каралеўскай галавой ззяла на шапцы брыльянтавае пяро, а дарагая пурпуровая мантыя, апушаная гарнастаем, спадала з каралеўскіх плячэйледзь не да конскіх страмёнаў. Вакол яго і за ім ехалі гетманы, сенатары і іншыя паны, а коні іхнія былі лепшыя адзін за аднаго, ад колеру ўбораў і каштоўнасцяў на сёдлах ажно ў вачах цямнела. За імі ехалі сакольнікі, трымаючы на руках закаптураных сокалаў, распешчаныя пажы, геральдычная служба і быстравокія стральцы. А лоўчыя ўсё падносілі давуснаў залатыя трубы і разложыстым граннем абвяшчалі шырокай раўніне, глыбокаму Нёману і занёманскаму бору аб прыездзе караля… І вось са ста дамоў ды са ста садоў, з поля, з лугоў і ракі пазбягаліся ўсе чыста людзі паглядзець на нябачныя праявы. Яны зусім не баяліся, а толькі дзівіліся ічакалі: што ж тут будзе далей? А кароль у іх і пытаецца:
“Ці жывы яшчэ бацька ўсіхні ваш?”
“Жывы і добрае здароўе мае”, - адказаў старэйшы сын Яна і Цэцыліі, які выступіў перад каралём, сам увесь здратаваны маршчынамі і сівы, як голуб.
“А маці вашая жыве?” – зноў пытаецца кароль.
“Жыве і добрае здароўе мае.”
Тады кароль і кажа:
“Рады быў бы на іх паглядзець!”
Каралеўскаму жаданню нічога не можа перашкодзіць. З самага лепшага дома сыны і дочкі, унукі і праўнукі вывелі бацькоў. Больш чым стогадовыя старыя ішлі самі, без нічыёй дапамогі, у беласнежнай кужэльнай вопратцы, як два белыя галубы, адно ля аднаго. Ён апіраўся на сякеру, насаджаную на доўгае дзяржальна, яна ж, ссівелыя валасы да пояса распусціўшы, лашчыла сарначку, што бегла побач. Калі спыніліся перад каралём, усе моцна збянтэжыліся, бо кароль шапку сваю каралеўскую з галавы зняў і махнуў ёю перад старымі так нізка, што з брыльянтавага пяра
ажно зоркі пасыпаліся.
“Хто ты, дзядуня? – спытаўся кароль у Яна. – Адкуль прыйшоў? Як зваць і якога паходжання?”
Стары, як і належыць, пакланіўся каралю і смела адказвае:
“Прыйшоў я з краёў далёкіх, праз якія Вісла цячэ; прозвішча сваё скажу толькі аднаму Богу, калі перад святым судом Ягоным стану, а паходжанне маё нізкім было, у пушчы ж усе насельнікі роўныя, аднолькава з’яўляюцца дзецьмі агульнай нашай маці-зямлі. З простага люду паходжанне маё, простым чалавекам на свет з’явіўся; але пані гэтая і жонка мая з высокага дому сышла, каб жыццё са мной ў выгнанні дзяліць.”
Пачуўшы гэткі адказ, задумаўся кароль, а пасля павярнуўся да паноў, што стаялі вакол, і прамовіў:
“Спадзяюся, вашамосці ласкава падтрымаюць, а будучы сейм зацвердзіць дэкрэт, які хачу тут абвясціць.”
Паны думку каралеўскую адгадалі і згодна заківалі галовамі:
“Іначай і быць не можа, міласцівы пане! Самі гэтага жадаем і пра тое вашу каралеўскую мосць просім.”
Тады кароль павярнуўся да Яна:
“Ты, дзядуня, адпаведна свайму жаданню, застанешся безыменным і, як нарадзіўся, так і ў магілу сыдзеш чалавекам паспалітым. Але за тое, што быў ты адважным багатыром, які край гэты ў суровай пушчы і дзікага звера адабраў, адваяваў зямлю не мячом і крывёй, а працай сваёй і потам, што грудзі яе адкрыў для многіх людзей, чым прымнажыў багацце Айчыны, за тое дзецям тваім, унукам і праўнукам да самых найдалёкіх пакаленняў і ажно да
знікнення роду твайго надаю прозвішча, з багатырства твайго выведзенае.”
І тут, прасціраючы правую руку над здзіўленым людам, кароль зычным голасам абвясціў:
“Ото ж род гэты, што запачаткаваны чалавекам, простым ад нараджэння, прыраўноўваецца да радавітай краёвай шляхты, набывае і можа карыстацца ўсімі правамі і прывілеямі рыцарскага саслоўя з гэтага моманту і да знікнення свайго. Дарую вам дваранскую годнасць і наказваю, каб насілі прозвішча Багатыровічаў, а прэзентаваліся гербам Памян, які мае галаву зубра на залатым полі, бо прабацька ваш перамог зубра і спрадвечныя ўладанні ягоныя ператварыў у гэтыя пладавітыя землі…”
Апавядальнік змоўк, постаць яго з вялікай шапкай, ссунутай на патыліцу, выдзялялася на фоне шэрага каменя. Ён падняў руку, і было чуваць, як часта і моцна дыхае. Праз хвілю прамовіў:
- Дзеелася ўсё гэта ў годзе, на гэтым помніку напісаным, адна тысяча пяцьсот сорак дзевятым…
Вернуться к началу
Посмотреть профиль Отправить личное сообщение
Валацуга

Почётный
искатель
новых
объектов
для
«Глобуса
Беларуси»



Зарегистрирован: 14.11.2008
Сообщения: 12749

СообщениеДобавлено: 14 Aug 2022, Sun, 11:27    Заголовок сообщения: Ответить с цитатой

увеличить до 1200x900


Анджэй Карчыньскі разам са сваім сябрам Ежы Багатыровічам пакінулі гэты свет, і адразу пасля іхняга знікнення адно з корчынскіх урочышчаў змяніла сваю назву. У ім знаходзіўся той самы занёманскі бор, памерам каля дзесяці валок, з якім межавалі вялікія лясы Анджэя і яго суседзяў. Раней урочышча называлася Ельнікам, бо і сапраўды там расло шмат елак і соснаў, цяпер жа стала называцца Магілай. Хто першы ўжыў гэтую назву і чаму яна адразу паўсюдна прыжылася, цяжка адказаць; але новая назва запанавала ў тутэйшым асяроддзі і стала адзіным помнікам старэйшаму з братоў Карчыньскіх. Іншага не паставілі яму ніколі…
***
Берагі ракі станавіліся ўсё больш бедныя і дзікія. З аднаго боку, там, дзе чвэрць гадзіны таму весела і маляўніча ўсміхаліся ім шэрыя і белыя домікі засценка, а пасля вялізны яр растуліў сваю зялёную пашчу, цяпер над голым і гладкім чырванаватым абрывам дзе-нідзе відаць была рэдкая збажына, зацененая крывой вярбой альбо старой грушай. З другога боку бераг зніжаўся амаль да ўзроўню вады, а густы бор адсоўваўся, як бы саступаў месца пяскам, гэтай белай барханістай прасторы. Ян скіраваў човен да пяскоў, і ён вужом слізгаў між вялікіх камянёў, якія над плыткай вадой вытыркаліся з пясчанага дна, аж пакуль нарэшце не прычаліў да берага.
-- Прашу ўстаць і паглядзець навокал, -- цішэйшым, чым звычайна, голасам прамовіў Ян.
Юстына ўстала і павяла вачамі вакол сябе.
Яны знаходзіліся пасярод пясчанай разлогі, частку якой не без цяжкасці ўжо адолелі. Гэтая разлога нагадвала возера, з аднаго боку атуленае цёмным паўколам бору, а з другога – аддзеленае ад ракі пасам барханістых пясчаных пагоркаў. Як паверхня вады, так і пяскі гэтыя былі пакрыты бясконцымі маршчынамі. Хоць паветра здавалася нерухомым, дзе-нідзе з грабеньчыкаў пясчаных хваляў курыліся нізкія воблачкі, яны трошкі кружыліся над зямлёй, а пасля перасоўваліся на новае месца і плаўна ападалі такім дробным пылам, што нельга было адрозніць пясчынку ад пясчынкі. Бор нібыта неахвотна адсоўваўся ў глыбіню гарызонту, пакідаў за сабой шырокія палосы карлікавых калючых раслін, праз якія свяціўся белы пясок. Толькі за гэтай калючай загарадкай бор зноў узвышаўся высокай цёмнай сцяной. Унізе зараснікаў ружаваты верас шырока распускаў свае сухія гірлянды, а далей, з краю ў край гэтай пустыні, не было нічога, акрамя барханістага пяску і маленькіх воблачкаў, якія то кучаравіліся ля самай зямлі, то кудзелістым дымком уздымаліся ўгору і знікалі над круглаватымі вяршынямі пагоркаў. Ані дрэўца на іх, ані кветкі, ні самай маленькай травінкі. І ніякага гуку, апроч каркання вароны, якая цяжка вылецела з-над ракі і знікла ў бары; ніякай барвы, апроч белага пяску і шараватай ружовасці верасу, ніякага руху, акрамя цяжкіх, прадаўгаватых, мутнай шэрасцю набрынялых воблакаў, што плылі па небе; ніякага паху, апроч сухога і даўкага пылу, які здаваўся жывым дыханнем гэтай мясціны.
Ногі Юстыны танулі ў сухім і гарачым дробным пяску, а зрок яе здзіўлена блукаў па гэтай пустыні, якой яна ніколі не бачыла. Верагодна, на яе ніколі не пазірала ніводнае чалавечае вока, бо ніякі клопат, ніякая карысць і ніякая дарога не прыводзілі сюды чалавека. Але калі яна кінула вокам на свайго таварыша, то адчула яшчэ большае здзіўленне. Ян зняў шапку і расчуленым позіркам вадзіў па голых вяршынях пясчаных пагоркаў. Ён нагадваў чалавека, які спыніўся на парозе храма і пазірае на алтар. Здавалася, што нідзе, апроч гэтага месца, ён не адчуваў сябе чалавекам і нідзе не спазнаваў гэтулькі вышэйшых, далёкіх ад будзённага жыцця пачуццяў і думак.
- Даўно не быў тут, - пачаў ён такім голасам, якім чалавек прамаўляе на парозе святыні. – Мо пяць, а мо і шэсць гадоў не быў… Дзядзька мой на Магілу іншай дарогай ходзіць, бо аднойчы, калі ішоў цераз пяскі, упаў тварам проста на зямлю і з гадзіну заходзіўся ад плачу…
- Чаго ж ён плакаў? – з узрушэннем, прычыну якога яшчэ не разумела, спытала Юстына.
- Бо калі доўга быў хворы, амаль не выходзіў з хаты; тады ж першы раз пасля ўваскрэшання гэтае месца ўбачыў, цераз якое колісь з вялікай кампаніяй ехаў…
Юстына зразумела і нічога больш не пыталася. Ян, усё яшчэ пазіраючы на боханы пагоркаў, працягваў:
- Для мяне гэтая мясціна надзвычай важная, бо тут я, вунь з таго пагорка, бацьку свайго апошні раз бачыў…
Ян паказаў на адзін з пагоркаў.
- Бачыць пані, вунь там, той трэці ад бору пагорак… Днём і ноччу, летам і зімой стаіць ён голы, ніводная травінка не хоча за яго нават зачапіцца. Аднак жа быў калісьці такі вечар, што з вяршыні да самага долу стапталі яго чалавечыя і конскія ногі, і слёз на яго нямала пралілося…
- Пан усё гэта добра памятае?
- А як жа! Пані і не паверыць, як добра помню. Сем гадоў мне тады было, восьмы ішоў, то мо і не дзіўна, што помню.
Яны прайшлі ўжо некалькі дзесяткаў крокаў; Ян зноў павярнуўся тварам да пагорка і спыніўся.
- Адсюль Нёмана не відно, але мы з таго пагорка гадзіны дзве, а мо і тры пазіралі на раку. Па ёй снавалі чаўны і лодкі, перавозілі людзей, хадзіў невялікі паром… Усе цераз гэтыя пяскі перайшлі, пераехалі раку, і ўжо не было бачна іх. Апусціўся ціхі маёвы вечар. Як сёння помню, месяц выбраўся ўжо на сярэдзіну неба і свяціў акурат над самымі пяскамі. Цішыня панавала на рацэ, на берагах, толькі салавей аж заходзіўся ў бары… Тады бацька пацалаваў маю маці, нешта ёй прашаптаў, а пасля падняў мяне на рукі і пачаў цалаваць. Раней ніколі так не цалаваў, бо чалавекам ён быў панурым, не надта вясёлым, часцей упадаў у маўклівую задуменнасць, чым выяўляў тое, што насіў у сабе. Ён дужа адрозніваўся ад дзядзькі Анзэльма, той быў вясёлага нораву, гаваркі і ўвесь навідавоку. Напэўна, з-за гэтай панурасці і паглыбленасці ў свае думкі пан Анджэй так моцна і палюбіў майго бацьку. Але ў тую хвіліну бацька не вытрымаў, развітваючыся з сынам, ён здрадзіў сваёй замкнутасці. Прыціснуў мяне так моцна, што аж косці затрашчалі, і цалаваў ці не тысячу разоў. У гэты самы момант пан Анджэй развітваўся са сваёй жонкай і са сваім сыночкам. Стаяла там і панна Марта, якая ў тую пару была яшчэ маладой. Калі трошкі раней яна развітвалася з дзядзькам, павесіла яму на шыю нейкі свянцоны медальён; былі там і іншыя людзі з двара і засценка, мо чалавек дваццаць. Ніхто не павышаў голасу, хоць усе і размаўлялі, таму панаваў такі шум, як бы гуло адразу некалькі раёў. Двое асядланых коней нецярпліва пырхалі і граблі капытамі пясок. Я не помню, калі бацька перастаў цалаваць мяне і апусціў на зямлю, помню толькі, што ўбачыў яго яшчэ раз, як ён поруч з панам Анджэем ехаў цераз пяскі. Відаць, я моцна плакаў, таму з-за слёз заўважыць яго раней не мог, прыкмеціў толькі тады, калі ён быў ужо на палове дарогі паміж пагоркамі і борам. Месяц вісеў проста над пяскамі, у ягоным святле на аднолькава добрых конях мой бацька і пан Анджэй ехалі адзін каля аднаго. Ехалі не вельмі хутка, але і не марудна, іхнія шапкі свяціліся ярка-чырвоным колерам, а коні пад імі ішлі роўна, як пад музыку… Ні разу не азірнуліся, наўскось пераехалі пяскі і там… бачыць пані тое месца, дзе елкі ўперамешку з соснамі, там, у гэтым месцы, з вачэй нашых зніклі… А ў бары заходзіўся салавей…
Ян паказаў рукой на тую кропку ў бары, да якой яны падыходзілі. Па меры набліжэння да лесу пясок цвярдзеў пад іхнімі нагамі; цяпер яны ішлі па шырока распасцёртых гірляндах верасу. Хвіліну памаўчалі.
- І ўжо ніколі больш пан бацьку свайго не бачыў?
- Толькі раз пасля таго апошняга расстання пра яго пачуў. Пасля святога Яна, а мо і каля святой Ганны, бо збожжа на полі ўжо даспявала і дзе-нідзе жаць пачыналі. Стаялі мы ў засценку, на самым беразе, у тым месцы, дзе, пані ведае, на нашым надворку ліпы ў рад растуць. Няшмат нас было, бо іншыя таксама на сваіх надворках стоўпіліся, як і мы, стаялі купкамі, павярнуўшыся ў бок пяскоў, слухалі гром і грукат, што чуліся адтуль. Грукатала то працяжна, то коратка, то шпарка, то няспешна, як бы з усяго неба перуны сабраліся разам і ў адно месца лупілі. Салавей тады не спяваў, толькі дзе-нідзе падымаліся з бору хмары рознага птаства і звар'яцела, са страшным крыкам насіліся над борам, над ракой, уцякалі на другі бераг альбо слепа ляцелі як найдалей адгэтуль… Над пяскамі ж усё грымела і грымела, і толькі перад самым вечарам грымоты сталі аціхаць, а пасля і зусім сціхлі, затое па ўсім бары пачуліся людскія крыкі і енкі. Я тады так перапалохаўся, што ўсяго мяне ажно калаціла, я моцна ўчапіўся за матку, якая трымала фартух ля вачэй і ціха галасіла перад суседкамі, што падбягалі да яе з шэптамі. Пасля сціхлі і крыкі, апусцілася ноч, відаць, неба закрылі хмары, бо зрабілася нязвыкла цёмна. Аднак, нягледзячы на ноч, людзі ўсё стаялі альбо сядзелі на сваіх надворках, пазіраючы на пяскі, а замест птушынага крыку, які стаяў днём, у начной цемры па ўсім засценку шалясцеў людскі шэпт, падобны на шум ветру. У гэтай цішыні і ў гэтым шуме пачулі мы гучны ўсплёск вады ля супрацьлеглага берага, а пасля ўжо сцішанае аднастайнае плёханне. Нехта скочыў у ваду і паплыў, пераплыў раку, з-пад нашых ліп быў бачны цень, які церабіўся ўгору, то таропка, то марудна, пасля скочыў і апынуўся проста перад намі. Маці перахрысцілася, крыкнула: «Анзэльм!» -- і закруцілася на месцы, як непрытомная. Але стары Якуб, які ў той час яшчэ не быў вар'ятам, узяў дзядзьку за руку, завёў яго ў хату і запаліў агонь. Людзі таксама ціснуліся ў хату. Мяне зноў пачало калаціць, калі зірнуў на дзядзьку. Божухна! Як ён выглядаў! Твар чорны, як у негра, і толькі воўчым бляскам гарэлі вочы, уся вопратка на дзірках, адна рука бязвольна апушчана, з валасоў і адзення ручаямі сцякала вада. Дыхаў ён так, што слова вымавіць не мог, час ад часу стагнаў, нібыта ў ім нешта лопалася. Людзі вакол шапталіся, пра нешта пыталіся, нават за адзенне і за рукі яго турзалі, але ён не рэагаваў. Раптам ён зірнуў на мяне, і слёзы ручаём пацяклі па чорным твары. Схапіў мяне за каўнер кашулі і так раптоўна падцягнуў да сябе, што я ажно закрычаў ад страху. Пасля пачаў нешта гаварыць мне. Спачатку гаварыў невыразна. Я нічога не разумеў, але пасля, нават не ведаю чаму, зразумеў, што ён кажа, каб ляцеў я ў корчынскі двор, да пана Бенедыкта, які сядзіць зараз дома, і сказаў яму… «О, Божа мілы… скажы яму, што пан Анджэй сюды… -- і на лоб сабе паказаў. – А твой бацька сюды…» -- і паказаў на свае грудзі. А пасля яшчэ дадаў: «Абодвух няма!» І спытаўся ў мяне: «Зразумеў?..» Зразумеў… Зразумеў так добра, што да сённяшняга дня…
Да сённяшняй пары ўспамін гэты глушыў голас, калі Ян гучна, на ўсё поле часам спяваў песні.
Ян і Юстына не заўважылі, як апынуліся ў лесе; яны не бачылі вакол сябе ні дрэў, ні святла і ценяў; не чулі шчабятання птушак, якое гучала над імі ўсё мацней. Ян нізка апусціў галаву, пазіраў у зямлю і, здавалася, зусім забыўся пра сваю таварышку; яна ж наадварот, ні на хвіліну не спускала з ягонага твару сваіх шарых вачэй, якія з-пад чорных вейкаў і броваў гарэлі цікаўнасцю.
- Жаль тады агарнуў мяне такі, што пра страх я і забыўся. Дарогу ў двор ведаў добра: бацька мяне з сабой браў, і панна Марта не раз па мяне прысылала. Нядоўгая дарога. Тады ж я імчаўся ў цемры і ажно заходзіўся ад плачу, але бег, пакуль не ўваліўся ў сені, дзе стаяў лёкай, які спачатку не хацеў пускаць мяне. Аднак, убачыўшы сплаканае дзіця, пусціў. Цераз сталовую і нейкі яшчэ пакой ускочыў я ў кабінет пана Бенедыкта і проста перад ім упаў на калені, голасна плакаў. Ён стаяў між камінам, дзе гарэў агонь, і пісьмовым сталом, усе шуфляды якога былі адчынены. Бадай, я ўбачыў не самога яго, а цень на сцяне, і мне падалося, што на гэтым цені ўсе валасы стаяць дыба, як растрапаны сноп збожжа. Ён нагнуўся, падняў мяне і паставіў на ногі. «Што здарылася?» – спытаў. Я ажно захлынаўся ад плачу і ледзь вымавіў: «Дзядзька казаў перадаць, што пан Анджэй сюды…- і на лоб сабе паказаў, - а мой бацька сюды… – і на грудзі свае паказаў. І яшчэ дадаў: - Абодвух няма!» Толькі вымавіў я гэтыя словы, як у пакоі пачуўся страшны крык, ні то чалавечы, ні то звярыны, і я адразу ўбачыў, як у кутку пані Анджэіха мёртвай калодай звалілася з канапы ці крэсла. Звалілася і ляжала на спіне, белая, як крэйда, з заплюшчанымі вачамі. Пан Бенедыкт абедзвюма рукамі схапіўся за галаву, пасля так моцна таргануў вяровачку званка, што яна засталася ў ягоных руках. Як толькі ў пакой прыбегла панна Марта, паказаў ёй на пані Анджэіху, а сам імгненна выскачыў з дому і паляцеў у засценак. Я таксама бег за ім, але дагнаць не мог – не было сілы… Калі зайшоў у нашую хату, пан Бенедыкт і дзядзька размаўлялі між сабой, а пра што, я не чуў. Адно толькі пачуў, як пан Бенедыкт спытаўся: «А Дамінік?» Дзядзька адразу зрабіў такі знак вакол рук і ног, як бы нечым звязваў іх. Ён стаяў, прыхінуўшыся спінай да сцяны, адна рука бездапаможна вісела, а другой ён, як у непрытомнасці, вадзіў па сваім чорным твары. Ногі пад ім калаціліся, а з валасоў кропелька за кропелькай усё яшчэ сцякала вада. Пан Бенедыкт не заплакаў, нічога не сказаў, толькі падышоў да акна і, пазіраючы ў начную цемру, застагнаў, голасам канаючага чалавека некалькі разоў вымавіў імя боскае…
- Дзіўная, страшная гісторыя! – вырвалася ў Юстыны.
Ян, як быццам успомніў пра яе прысутнасць, раптоўна павярнуўся і доўга пазіраў на некалькі слязінак, якія адна за адной ціха і марудна каціліся з-пад апушчаных павек на шчокі. Пасля паглядзеў перад сабой і жвавым рухам дакрануўся да рукі Юстыны:
- Няхай пані спыніцца і паглядзіць!
Юстына спынілася і толькі цяпер зразумела, што яны знаходзяцца ў самых нетрах бору. У гэты момант таксама ўпершыню да яе слыху даляцеў птушыны гоман. Чым далей заходзілі яны ў лес, тым мацнейшым станавіўся гэты крык, а тут раптам выбухнуў незразумелым хаосам гукаў. Адразу ж Юстыну ахінуў моцны пах жывіцы, ядлоўцу, чабору, змяшаны з набрынялым вільгаццю пахам, які ўласцівы вечна схаванай ад сонца і пакрытай белай плесенню зямлі. Гэткі пах выклікае згадкі пра могілкі.
- Няхай пані паглядзіць перад сабой! – папрасіў Ян.
Тое, на што паказваў ён Юстыне, было шырокай палянай альбо лясным поплавам. Мясціну гэтую акружалі боханы невялікіх пагоркаў, на якіх паміж густа пераплеценымі зараснікамі маладых дрэў і кустоў падымаліся і спускаліся ўніз старыя сосны і елкі. Месцамі шырокія, апушчаныя амаль да самай зямлі, лапы елак і малады ельнік, аплецены гірляндамі шорсткай дзеразы, стваралі цёмна-зялёную, амаль чорную сцяну, якую, здавалася, падпіралі тоўстыя калоны-елкі. Дзе-нідзе гонкія сосны, роўныя, гладкія, толькі на самай вершаліне з рэдкімі галінамі, узвышаліся над дываном з дзіўнымі ўзорамі папаратніку і яшчэ больш дзіўным пухам рознакаляровага моху. Лісце папаратніку, узорчатае, лёгкае, хоць і вялікае, ляжала адно на адным і было расфарбавана рознымі адценнямі зялёнасці, а імхі, што выглядвалі з-пад папаратніку альбо зусім яго выцяснялі, былі бледна-зялёныя, карычневыя, сівыя, з філіграннай разьбой на дробненькіх галінках; яны бясконца рассцілаліся навокал, знікалі ў лясным гушчары і адноўленым морам выплывалі зноў на празрысты прастор бору. А на гэтым празрыстым прасторы, у царстве паўценяў, па гладкіх ствалах соснаў, па імхах і папаратніку, угары і ўнізе -- усюды бегалі, ганяліся, слізгалі, то выбухалі пажарам, то рассыпаліся роем іскраў струмені, стрэлы сонечнага святла. І ўсё гэта нагадвала зачараванае гульбішча светлых і змрочных духаў лесу, якое адбывалася таемна і маўкліва.
Але на паляне, укруга якой стаяў лес, гэтай гульні не было. Над ёю ўзвышаўся блакіт неба, які няспынна перакрывалі хмары; унізе яе атуляла пялёнка сонечнага святла, якую пераціналі доўгія нерухомыя слупы ценяў, што падалі з яловага гушчару. Паляна была выслана нізкай і няроўнай травой, сярод якой зрэдку трапляліся ліловы чабор, белы крываўнік, дробныя кусцікі дзяцеліны і зорачкі сухацвету. Ускрай паляны, часам выбягаючы на яе сярэдзіну, раслі кусты ядлоўцу з цвёрдымі ягадамі, што нагадвалі то чорную бліскучую расу, то чырванаватую іржу, якая дзе-нідзе выступала на цёмнай зелені крывавымі плямамі. З сухога калючага ядлоўцу цікавалі жоўтыя кветкі воўчай пашчы і далёка па зямлі распаўзаліся гірлянды плюшчу і дзеразы. Сям-там пад кустамі і сярод нізкай травы чырванелі і жаўцелі грыбы, зямля бялела пахкай гнілой плесенню. У глыбіні, пад цёмнай каланадай пераплеценых голлем елак, ахінуты іхнім ценем, узвышаўся невысокі пагорак, даўгаваты і з пакатымі схіламі, падобны ні то на вал, ні то на курган, відаць, колісь насыпаны рукамі людзей, і, як уся гэтая паляна, зарослы няроўнымі гарбатымі кусцікамі травы.
Ян моўчкі паказаў на гэты пагорак Юстыне, яна таксама моўчкі кіўнула галавой; ведала, што гэта агульная магіла.
- Колькі? – спытала ціха.
- Сорак, - адказаў Ян.
Ён зняў шапку і прыспешыў крок. Сухія чорныя шышкі затрашчалі пад іхнімі нагамі, у елках мільгануў пушысты вавёрчын хвост, моцна засвістаў дрозд, недзе здаля заходзіліся шчыглы, яшчэ далей буркавалі галубы, і з усіх бакоў рытмічна стукалі жаўна і дзяцел. Аднекуль з моцным шалясценнем крылаў і пранізлівым чырыканнем узляцела чародка чыжоў і пясчанак, шэрая сойка мільганула блакітам свайго крыла і ўселася на галіне сасны. У паветры, як у вялікай кадзільніцы, кіпелі пахі ядлоўцу, жывіцы і чабору, якія заглушаў, аднак, пах прэласці. Ян і Юстына спыніліся ля магілы, на якой дзе-нідзе буялі прамыя і высокія ладыгі кампанулы, гатовыя, здаецца, нават ад лёгкага ветрыку зазвінець на ўсю моц. Ян з непакрытай галавой стаяў ля магілы, ціха прамовіў:
- Зусім як у песні:
Толькі чорны крук закрача,
Хмара чорная заплача…
Вернуться к началу
Посмотреть профиль Отправить личное сообщение
Показать сообщения:   
Начать новую тему   Ответить на тему    Список форумов Форум сайта «Глобус Беларуси» -> Путешествия -> Падарожжы Валацугі -> Літаратура Часовой пояс: GMT + 3
Страница 1 из 1

 
Перейти:  
Вы не можете начинать темы
Вы не можете отвечать на сообщения
Вы не можете редактировать свои сообщения
Вы не можете удалять свои сообщения
Вы не можете голосовать в опросах
Вы не можете вкладывать файлы
Вы не можете скачивать файлы